?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

З трасянкі на мову

З трасянкі на мову

Тыповыя лексычныя абмылы, хібы, недакладнасьці

 

Маштабаў змаскальваньня беларускае мовы мы на’т не ўяўляем. А калі сутыкаемся з гэтым – ня хочацца даваць веры. Цяжка пагадзіцца з тым, што добрых перакладных слоўнікаў у нас вобмаль, што узус г. зв. літаратурнае мовы паводле свайго нутранога ладу далёкі ад праўдзівае народнае беларускае мовы, што ўсё больш і больш тэкстаў, якія, можна сказаць, напісаныя на ўмоўна беларускай мове. Нават народная трасянка часамі больш беларуская з грунту, чымся мова новых літаратурных тэкстаў (у тым ліку й на “тарашкевіцы”). Балазе, ёсьць літаратура, і дасавецкая й савецкая, створаная людзьмі, якія ведалі мову з маленства, бралі яе “зь першых рук”. Так, у іх маўленьні часамі пануе хаос, але ў тым і заданьне наша, каб скупаваць увагу толькі на добрым.

 

Гэты слоўнічак – плён ці не пятнаццацігадовай рэдактарскай працы. Я ніколі не выкідваў старых карэктураў, фіксаваў усе найхарактэрнейшыя, а таксама найцікавейшыя абмылы, хібы ды іх выпраўленыя адменьнікі, складваў гэтыя матар’ялы, сыстэматызаваў. Прапанаваныя пераклады не прэтэндуюць на вычарпальнасьць, характарыстыкі – на паўнату, а слоўнічак – на дакончанасьць. Але тут можна знайсьці тое, чаго больш нідзе няма, або наадварот, тое, што шмат разоў паўтаралася, але ўсё ніяк не засвойваецца ў атмасфэры перанасычанай расейскім уплывам.

 

Пераклад з умоўна беларускае мовы на беларускую вымагае адумысных мадальных пазнакаў, якія ў традыцыйных перакладных слоўніках не практыкуюцца. Рэч у тым, што розныя рэкамэндацыі маюць розную ступень абавязковасьці, а розныя заганы мовы й маўленьня маюць розную ступень “заганнасьці”, кантэкставай дарэчнасьці. Ёсьць тэксты “экстрэмальна-слушныя” без увагі на сацыяльны асяродак. А ёсьць тэксты, якія ствараюцца з разьлікам на афіцыйны асяродак функцыянаваньня, гэта не апраўдвае ў іх элемэнтаў “трасянкі” – таму найстрашнейшыя заганы мусяць выпраўляцца й там.

 

Бальшыня артыкулаў даюцца проста – зьлева ад працяжніка слова заганнае, а справа ад працяжніка (тоўстым шрыфтам) – добрае. Артыкулы з мадальнымі пазнакамі ёсць чатырох катэгорыяў: пажадана – правы варыянт пажадана ўжываць, але, на жаль, ня ў кожным сацыяльным кантэксьце ён можа быць прыняты; лепш – значыць, левы варыянт у пэўным сацыяльным кантэксьце можна пакінуць, але ў ідэале – правы лепшы; часьцей – левы варыянт дапушчальны, але ў маўленьні часьцей варта ўжываць правы, як гэта прынята ў народных гаворках; розьняцца – значыць, трэба зьвярнуць увагу на ўсе варыянты справа, бо безварыянтнае ўжываньне левага слова часьцяком спараджае калькі. Бальшыня пазычаньняў і калек, якія існуюць, – з расейскае мовы, таму яны практычна не пазначаюцца, затое пашыраныя ў сучасным узусе палянізмы й украінізмы ў слоўніку пазначаюцца заўжды. Асобныя пазнакі ўведзены для слоў “ірацыянальных”, заганных у сваёй словаўтваральнай мадэлі, а таксама, для аўтарскіх рэкамэндацыяў.

 

 

Прынятыя скароты: белар. – беларускае слова; гл. – глядзеце; ірр. – іррацыянальнае ўтварэньне; к.-маск. – калька-маскалізм; маск. – маскалізм; памян-люб. – памяншальна-любосная форма; перан. – пераноснае значаньне; прр. – прыраўнайце; прыназ. – прыназоўнік; прысл. – прыслоўе; рас. – расейскае слова; стар. – старое беларускае слова; узмац. – узмацняльная форма; укр. – украінізм; * – аўтарская інавацыя.

 

абавязацельства, абавязальніцтва – забавязаньне

абараняць – лепш: бараніць

абаснавацца – асталявацца

абвергнуць – зьняпраўдзіць; аспрэчыць; адклікаць

абвінавачваць – зьвінавачваць

аб'ём – пажадана: абсяг; абыймо

абладаць уладаць, валодаць

аблачэньне – шаты; уборы

абліцаваць – абкласьці; аздобіць

абматаць – абкруціць; абгарнуць

абрадаваць – узрадаваць

абшчына – грамада; злучына

аб'явіць – абвясьціць (прр.: “яўленьне”)

аб'яднаць – часьцей: зьяднаць; задзіночыць

аб'ядноўваць – часьцей: яднаць; адзіночыць

абясцэніцца – зьняцэніцца

аб'яўляць – абвяшчаць (прр.: “яўленьне”)

аглядацца – разглядацца (на бакі); абглядацца (з бакоў); аглядацца (назад)

адзінадушша – згода

адключыцца – вымкнуцца; адлучыцца; перан. забыцца; зьнепрытомець

адключыць – (сьвятло) вымкнуць; (ваду) адлучыць; закруціць

адламваць (дубец)ламаць

адлыньваць – агіляцца

адматать (праехаць)выгнаць; вымчаць

адмяняць – касаваць, скасоўваць (гл.: “відазьмяняць”; “разнавіднасьць”)

адначасова – лепш: адначасна

адносіны – стаўленьне; дачыненьні

адобрыць – ухваліць

адправіцца (у дарогу)пайсьці; выправіцца

адпраўляцца – ісьці; выпраўляцца; рушыць (далей)

адпусьціць (бараду)адгадаваць

адстаяць – адбараніць

адстойваць – бараніць

адсутнасьць – нябытнасьць (чалавека); немень (рэчы); нястача

адсутнічаць – ня быць

адчай – роспач (у адчаі – роспачна)

адчайны – роспачны; шалёны, рызыкоўны; страшэнны

адчайны(-ая) – раскола

адчытваць (каго)выгаворваць (каму)

ажыцьцявіць – ужыцьцявіць; з’ісьніць

ажыцьцяўляць – ужыцьцяўляць; ісьніць

азлоблены – узлаваны; злосны

аказацца І (кім)быць; выявіцца; стацца, стаць, застацца

аказацца ІІ (дзе)апынуцца; знайсьціся; папасьціся

аказваецца – выходзіць; выяўляецца

акалець – здохнуць

анямець – зьнямець

апасацца – асьцерагацца; высьцерагацца

апасеньне – перасьцярога; засьцярога

аплочваць – сплачваць

аплявуха – поўха; пляскач

апрануць – адзець; (паліто) апрануць; (шапку) надзець; (боты) абуць

асьмеліцца – часьцей: адважыцца; наважыцца

атрымліваецца (як вынік)выходзіць

атрымлівацьатрымваць, атрымоўваць; лепш: адзержваць

ахопліваць, ахапляць – розьняцца: абымаць; абхапляць; агарняць

ацэнка – ацэна; ацэньваньне

ачыстныачышчальны

ашаломлены – агаломшаны; зьнячэўлены

ашарашыть – зьнячэвіць; зьбянтэжыць

багаслужбовынабажэнскі

багаслужэньненабажэнства

 

багатыр – волат, асілак

баец – ваяка; ваяр

балаваны – расьпешчаны, разьбязураны, дуроны

балавацца – дурэць, забаўляцца, вырабляцца, песьціцца, бязуліцца

балаўнік – свавольнік, дуронік, гарэза, бязуля

балаўство – свавольства, бязульства, дуронства, выробы

балельшчык – заўзятар

барацьба укр.змаганьне

бац – бах, бух; лясь; трах, трэсь

бачнавідаць

бачнывідомы; відочны (“бачны” – гэта “асьцярожны”)

беззаконьненяправасьць; няпраўнасьць

берагчы маск.захоўваць; шанаваць; ашчаджаць

беспакойны – неспакойны; жвавы; тлумны

беспамятство – няпамяць; непрытомнасьць

благадаць – ласка

благородный – шляхетны; зачны; пачэсны

блажэнны – набожны; шчасьлівы

больш за тое – пагатоў; больш таго (прр.: мала таго? больш чаго?)

борзы (нахабны)спраўны

будаўніцтва к.-маск.часьцей: будаваньне (чаго); будоўля

будынак – розьняцца: будынак; (адзінотны) будыніна

буксіроўка – буксір; буксоўля; буксаваньне

бядовы – рызыкоўны, адважны; даходны, бойкі

бязрадасны – сумны; горкі; змрочны

бязьдзейнасьць – нечыненьні

бязьдзейнічаць – ня дзеіць; не чыніць; лайдакаваць

бясконца – розьняцца: без канца; бяконца

бясплатна – дáрма, задáрма

бясплатны – дармовы

бясплотны – бязьцелавы; субтэльны

бяссоніца – начніцы; няспаньне

бяссонны – няспаны

бясстрашны – адважны

бясхітрасны – шчыры

бясшумна – ціха, моўчкі; нягучна

бясшумны – ціхі; нягучны

бясьсільле – немач

бясьсьледна – розьняцца: бязь сьледу; бясьсьледна

бясьсьмертнік – сухавейка

вадзіцца (водзяцца зьвяры)весьціся (вядуцца зьвяры)

ваенны – часьцей: вайсковы; ваёўны

валачыць – валачы (валачыў – валок)

верагодна – лепш: відаць

вёрстка – *шыхтоўля

весяльчак – весялун; весялуха

від (мыла)гатунак

відавочца – вочнік; *відоўца

відазьмяняцьадмяняць (прр.: “разнавіднасьць”; гл.: “адмяняць”)

відно – лепш: відаць

віначэрп – падчашы

віноўнік(-ца) – вінавайца; вінаваты (-ая)

вобыск – ператрус; трасяніна

вогненны – лепш: агністы

водазабор – вадабраньне

воін – вой; ваяр; ваёўнік; ваяка

вой! – часьцей: ой!

вокамгненны – імгненны

вопыт – досьвед; практыка; спроба; досьлед

вопытны – дасьведчаны; спрактыкаваны; спробавы; досьледны; бывалы

вось – розьняцца: во’; от; вось (вось зараз дзеўбану – зараз во’ дзеўбану)

вусьце – утока

вучоба – навука; (дзеяньне) вучэньне

вучылішча – вучэльня

вучэбны – навучальны

вучэньне (сыстэма)навука

выбуханебясьпечны – выбухоўны

вывад – выснова

вывазка – вываз; вывожваньне

выдрэсіраваны – выдрэсараваны; вымуштраваны

выдумшчык – ілгун, ашуканец

выкладчык – выкладнік; выкладаньнік

выключальнік – вымыкач

выключна – толькі; вылучна, вынятна; надзвычайна

выключны – вылучны, вынятны; надзвычайны

выключыць – вымкнуць; вылучыць; адкінуць; выкінуць

выключэньне – вынятак (за выключэньнем – з выняткам)

вынаходлівы – кемлівы, дасьціпны

вынослівы – трывалы; цягавіты; крэпкі

выпаліць (сказаць)рэкнуць

выратавальнік – ратаваньнік; (Бог) Збаўца

вырашыць – разьвязаць; рассудзіць; надумацца; наважыцца; пастанавіць; зьмеркаваць; выракаваць

выставачны – выстаўны

вытвараць – чыніць; вычаўпляць

вядомы – лепш: ведамы; веданы; знаны

вясной – лепш: увесну

вячэрні – вечаровы

гаварыць – розьняцца: казаць; гаварыць

газаправод – пажадана: газавод

галадуха – галадоўля

галаўны боль – боль галавы

ганéньне – перасьлед; уціск

ганімы – гнаны

гарланіць – гарлаць

гасподзь – госпад

гасподні – госпадаў

гібка – гбаньне

гібшчык – *гбаньнік

гісторыка-архітэктурны – гістарычна-архітэктурны

глянуцца (приглянуться)спадабацца

гразіцца (пальцам)страшыць

граніца – мяжа (але гл.: “у межах”, “рубеж”)

грэчаскі – грэцкі

гуляць (па вуліцы)шпацыраваць; прахаджвацца

Comments

( 27 comments — Leave a comment )
nadviacorak
Nov. 27th, 2008 03:05 pm (UTC)
Abiedźviuma rukami tak!
paciupa
Nov. 27th, 2008 03:17 pm (UTC)
Вельмі рады!
smatrycenka
Nov. 27th, 2008 03:37 pm (UTC)
Вы б мо ў кожнай з чатырох частак слоўнічка зрабілі б спасылкі на астатнія часткі. А таксама не лішне было б запосціць у бай_мова.
paciupa
Nov. 27th, 2008 03:46 pm (UTC)
Самастойна я такія тэхнічныя хады не зраблю. Калі хто дапаможа - буду ўсьцешаны. Заўтра пастараюся.
ex_biespart
Nov. 27th, 2008 04:17 pm (UTC)
выратавальнік – ратавальнік; (Бог) Збаўца</> А ратаваннік? :)
paciupa
Nov. 28th, 2008 06:09 pm (UTC)
Дзякуй! Паправіў. Мо’ яшчэ што:)
gwlan
Nov. 27th, 2008 04:53 pm (UTC)
зьнепрытомНець - так, здаецца, правільней.
paciupa
Nov. 28th, 2008 06:12 pm (UTC)
Бадай што - не.:)

Не "горадненскі", а "горадзенскі" - тут адбываецца г. зв. адсячэньне фіналі.
palivac
Nov. 27th, 2008 05:16 pm (UTC)
Газаправод і газавод - гэта розныя тэрміны.
Від і гатунак не адно і тое ж.
Адлыньваць - абсалютна нармальнае слова (ад беларускага выразу "біць лынды").
Больш за тое - гэта лепш, чым "больш таго".

"Адключыць – (сьвятло) вымкнуць"

Не здодзен. Вымкнуць - гэта напрыклад выцягнуць вілку з разеткі, але выключальнікам святло адключаюць, а не вымыкаюць.
kinga_d
Nov. 27th, 2008 07:14 pm (UTC)
vialiki dziakuj!
paciupa
Nov. 28th, 2008 06:13 pm (UTC)
Шчыра радуюся!:)
(Deleted comment)
paciupa
Nov. 28th, 2008 06:15 pm (UTC)
Дзякуй! Прыемна. Самастойна не зраблю, але калі хто пойдзе насустрач - буду толькі ўдзячны.
wal_de_maar
Nov. 28th, 2008 07:29 am (UTC)
некалькі пытаньньяў
"абавязацельства, абавязальніцтва – забавязаньне"
чаму не абавязак?

яшчэ слова "узус" з лаціны - а чаму не "ужытак"?
paciupa
Nov. 28th, 2008 07:18 pm (UTC)
Словы "абавязак" і "забавязаньне" - крыху розныя.:)

А "узус" я перадаў бы хутчэй як "звычай", "звыкласьць"... Хто яго ведае... Але... важна проста захаваць ягоны тэрміналягічны характар.
(Deleted comment)
paciupa
Nov. 28th, 2008 07:19 pm (UTC)
Дзякуй!
svaja4ka
Nov. 28th, 2008 08:52 am (UTC)
Download
Калі Вы ня супраць, вось тут я заліла цалкам Ваш слоўнік
http://slil.ru/26378397
paciupa
Nov. 28th, 2008 07:27 pm (UTC)
Re: Download
Дзякуй, дзякуй! Ня супраць. Няхай пашыраецца. Бо гэта датычыць ня так мяне, як мовы.

Але я толькі што паправіў сякія-такія недагляды й дадаў некалькі патрэбных артыкулаў. Хацелася б, каб шырылася новая вэрсія. Дарэчы, ці трэба адумысна падказваць, што ёсьць абноўленая вэрсія, калі яшчэ надумаюся што дадаць?
old_corporal
Dec. 19th, 2008 11:44 am (UTC)
Вялiкi дзякуй! Вельмi карысна будзе прачытаць.
john_cupala
Dec. 20th, 2008 01:27 pm (UTC)
Прывітанне, Юрась!
вялікі дзякуй за слоўнічак. Вось, бяруся яго вывучаць )
Адразу некалькі пытанняў, звязаных з лагічнай і філасофскай тэрміналогіяй:
1) ёсць у логіцы і метадалогіі такое quaternio terminorum:
а) обоснование, б) опровержение, в) подтверждение, г) оспаривание,
ці будзе карэктным перадаць гэта па-белар. гэтак:
а) абгрунтаванне, б) адхіленне (якой-н. тэзы як непраўдзівай), ці ўсё ж "зняпраўджанне"?, в) пацверджанне, г) аспрэчанне

Ёсць яшчэ важны для логікі тэрмін "аб'ём" (сукупнасць аб'ектаў, якія падпадаюць пад дадзеную назву). Ці ў пададзенай версіі ён прымальны?

І яшчэ адна чацвёрца тэрмінаў:

1) wnioskowanie (polsk.), inference (en), Schlussfolgerung (deutsch), ВЫСНОЎВАННЕ (?), ВЫВЯДЗЕННЕ (?)
2) dowód (dowodzenie), proof, Beweis, ДОКАЗ
3) wyjaśnienie, explanation, ВЫЯСНЕННЕ
4) sprawdzanie, test ПРАВЕРКА

асабліва праблемны першы выпадак, бо тут трэба абазначыць ПРАЦЭС разумавання, таму не падыходзіць ані "выснова", ані "вывад"


paciupa
Dec. 23rd, 2008 08:30 pm (UTC)
Рады вітаць! Заходзь часьцей.:)

Сур’ёзныя пытаньні. Магу адказаць адразу. Але лепш усё ўзважу. І дабяру час. Дзякуй за праблему.:)
paciupa
Jan. 22nd, 2009 12:46 pm (UTC)
Даруйце, што доўга не адказваў на Ваш камэнтар. Мітусьня. Спакойнай гадзінкі бракуе:) Вось жа:

ОБОСНОВАНИЕ – АБГРУНТАВАНЬНЕ (і недакончанае трываньнене: АБГРУНТОЎВАНЬНЕ)

ОПРОВЕРЖЕНИЕ – ЗЬНЯПРАЎДЖАНЬНЕ; АСПРЭЧАНЬНЕ (чужога выраку); АДКЛІКАНЬНЕ (свайго цьверджаньня, артыкулу) – ці АДХІЛЕНЬНЕ; праўда, “адхіленьне” – хутчэй рас. “отклонение”); яшчэ я спрабаваў некалі ўжываць цікавае слова ПРАНЯВЕРВАНЬНЕ як адпаведнік Попэравага ФАЛЬСЫФІКАЦЫЯ – ну вось адчуваў я так! Хоць у Скарыны “пранявераньне” – гэта “здрада”, на жаль, рэдактары / карэктары лучалі ў транс ад гэтага слова:); недакончанае трываньне, калі трэба: ЗЬНЯПРАЎДЖВАНЬНЕ; АСПРЭЧВАНЬНЕ; АДХІЛЯНЬНЕ; АДКЛІКВАНЬНЕ

ПОДТВЕРЖДЕНИЕ – ПАЦЬВЕРДЖАНЬНЕ; недакончанае: ПАЦЬВЯРДЖАНЬНЕ

ОСПАРИВАНИЕ – АСПРЭЧВАНЬНЕ; дакончанае: АСПРЭЧАНЬНЕ

Так,

ОБЪЁМ – АБСЯГ; АБЫЙМО – нармальна (апошняе слова шырэйшае паводле сфэры ўжываньня, але першае для лёгікі добрае і звыклейшае, я на практыцы яму аддаю перавагу)

WNIOSKOWANIE – ВЫСНОЎВАНЬНЕ – цудоўна, адпаведна WNIOSEK – ВЫСНОВА

Але
спадзяюся, гэта ня тое, што

УМОЗАКЛЮЧЕНИЕ – ЗЬМЕРКАВАНЬНЕ; (недакончанае: ЗЬМЯРКОЎВАНЬНЕ)

Далей

ДОКАЗАТЕЛЬСТВО, DOWóD – ДОВАД (“доказ” – пагана, бо белар. “даказваць” – рас. “твердить», «талдычить»); DOWODZENIE – ДАВОДЖАНЬНЕ; недакончанае: ДАВОДЖВАНЬНЕ; нават можа быць “рытуал”: ДАВОДЗІНЫ:); В ДОКАЗАТЕЛЬСТВО – НА ДОВАД

WYJASNIENIE – наагул прынята: ВЫСЬВЯТЛЕНЬНЕ, але ў Станкевіча: ВЫЯСЬНЕНЬНЕ

SPRAWDZANIE – найлепш: СПРАЎДЖАНЬНЕ, а пагана: ПРАВЕРКА, крыху лепш: “правяраньне”, але ў лёгіцы можна зьлегкаважыць апошняе.

Вам патрэбен працэс – дык практычна ўсе беларускія дзеясловы даюць герунд на -аньне (-яньне); -эньне (-еньне).

P.S. Яшчэ

стаяў і буду стаяць на тым, што

СУЖДЕНИЕ, SOD – ВЫРАК (у гэтым сэньсе апошняе слова ўжывалася ў старабеларускай мове, дарэчы, дакладна, як нямецкае DAS URTEIL – і “суджэньне”, і “рашэньне”, і “прысуд”);

побач з “выракам” можа існаваць ВЫКАЗ (ВЫКАЗВАНЬНЕ) як рас. “высказывание”.

cymus
Jan. 24th, 2009 10:18 am (UTC)
Дзякуй вялікі за ваш слоўнік!

Маю 2 пытанні:
1. Адзінадушша - згода. А "адзінадушна" як будзе?
2. Ці ёсць у беларускай мове слова ваенны, ці зусім няма?

Яшчэ раз, дзякуй!
drygavich
Sep. 22nd, 2009 11:12 am (UTC)
Дзякуй!
Каб мова была прыгажэйшай:)
paciupa
Sep. 23rd, 2009 02:51 pm (UTC)
:)
(Deleted comment)
paciupa
May. 30th, 2012 10:50 pm (UTC)
Дзякуй Вам! Шчыра рады Вашай зацікаўленасьці. "Разбэшчаны" таксама сюды падыдзе, але гэта больш жорстка (яшчэ і рас. "развращенный").

А "блаславіць" - не трасянка. Хутчэй гутарковае. Было: "дабрарачы", "дабрамовіць", "багаславіць", "баславіць", "абаславіць" і, само сабой, "благаславіць". Але пра гэта доўга пісаць...
shvarnlvovich
May. 21st, 2016 07:46 am (UTC)
Як у беларускай мове можа існаваць слова "вобласьць", калі у ім ёсьць непоўнагалосьсе? Правільна было б "вобваласьць", ці не?
( 27 comments — Leave a comment )

Profile

apis
paciupa
Юрась Пацюпа

Latest Month

November 2014
S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30      
Powered by LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow