Спадзяюся, верш Эдгара По “Званы” ведаюць усе. Але далёка ня ўсе ведаюць, як гучаньне званоў і гукі звонаў мадэлявалі беларускія паэты. Некаторыя з гэтых тэкстаў публікаваліся толькі у газэтах ды часопісах 20-х гадоў і толькі па разу. (А тое-сёе мне давялося “выкалупваць” з малачытэльных падрапаных мікрафільмаў, дзе адно й захаваліся тыя газэты.)
(Што такое ПараАнталёгія? Гэта новая рубрыка, анталёгія МініАнталёгіяў найразнастайнеўшае тэматыкі, гэта тыя кшталты беларускае паэзіі, якія табе адкрываюцца, і якімі ўжо нельга не падзяліцца з чытачом.)
Канстаныя Буйла
ЗВОН
Янку Купалу
Ён плыў над палямі з жытнёваю хваляй,
Праносіўся ў далі, ляцеў,
То рэхам над лесам, як гром, рассыпаўся,
То зноў заміраў, а то зноў калыхаўся
І мякка і плаўна гудзеў.
Гудзеў над лугамі, ляцеў над палямі,
Над нівай, над сёламі плыў,
А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі
То як бы ў задуме, то як бы у жалю,
І чуўся ў ім гулкі прызыў…
Ён зваў да жыцьця і да лепшае долі
Усіх, хто сном каменным спаў;
І сну ледзянога апалі аковы,
І ўстаў народ цэлы, і ўстаў як бы новы,
Да бою за волю устаў.
1911 г.
Алесь Гарун
ПЕСЬНЯ-ЗВОН
Гэй, ты маці, родна мова,
Гэй, ты звон вялікі, слова,
Звон магучы,
Звон бліскучы,
З срэбра літы,
З злота зьбіты,
Загрымі ты,
Загрымі!
Гэй, званар, званар мой пане,
Бі у звон як змогі стане,
Без спачынку,
Без упынку,
Потам зьліты,
Ім умыты, –
Бі, звані ты,
Бі, звані!
Гэй, гусьляр, пясьняр, мой браце,
Грай, сьпявай у поле, ў хаце
Дзе гарота,
Дзе галота,
Дзе нясыты,
Дзе няўмыты.
Ім спыні ты,
Жаль спыні!
Струны хай грымяць і рвуцца,
З болю, з гневу. Хай сьмяюцца
Разам зь імі,
Не чужымі,
Голас чысты,
Залацісты,
Зь імі зьлі ты,
Зь імі зьлі!..
1912 г.
( Read more... )
