?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry


Выказаныя ніжэй ідэі сфармаваліся ў мяне даўно, але ўвасобіліся ў закончаную тэзысную карціну толькі цяпер, як рэакцыя на камэнтары да маіх ранейшых пастоў. Нельга дабіцца разуменьня прыватных момантаў сыстэмы, пакуль ня выяўленыя яе падваліны.

 

Беларуская мова, праславянская спадчына й расейскі ўплыў


Малы папулярны трактат

 

Схолія 1. Усе славянскія мовы складаюцца з элемэнтаў (каранёў і афіксаў), што існавалі яшчэ ў праславянкай мове. Кожная зь іх, у тым ліку й беларуская, удзержваючы ў сабе парадак праславянскага словаўтварэньня, можа разглядацца як варыянт “праславянскае мовы на сучасным этапе”.

 

Схолія 2. З праславянскіх элемэнтаў у беларускай мове вылучаюцца такія прадукцыйныя суфіксы, ці субсуфіксы, як -ік, -ец, -ак (знакі суб’ектаў ды аб’ектаў), -н-ы, -ов-ы, -ск-і (знакі атрыбутаў), -в-а, -jь-е (знакі зборнасьці), -а-ць, -е-ць, -і-ць (знакі дзеяньня) і г.д.

 

Схолія 3. Складваючыся, элементы ўтваралі сынтагматычныя адзінствы -ск + -ва = -ства (гаспадарства, земства), -н + -ік (-іц-а) = -нік (-ніц-а) (лясьнік, шкоднік), -ав-ы + -ік = -авік (-авіц-а) (лесавік, ледавік), -ов + -ец = -овец (-оўк-а) (навуковец, шараговец), -а + -н = -ан-ы (купаны, ношаны), -ан + -jь = -аньне (купаньне, нашэньне), -аньне + -ік (-іц-а) (купаньнік, нашэньнік).

 

Схолія 4. Частку афіксаў праславянская мова (і яе наступніцы) запазычылі зь неславянскіх моў. Адно з такіх, найстаражытнейшых, пазычаньняў – суфікс -ар – у беларускай мове гэта найчасьцей назоў прафэсіі (аптакар, знахар). Іншыя лацінскія суфіксы – -іст-ы (арганісты, гутарысты), -ант (музыкант, рызыкант) і г. д.

 

Схолія 5. Зусім невялікую частку суфіксаў славянскія мовы сфармавалі ўнутры сваіх уласных сыстэм. У беларускай мове ўласным ёсьць, бадай што, суфікс -ля (будоўля, галадоўля). У расейскай – суфіксы nomina agentis -чик, -щик (носчик, уборщик) і nomina actionis -к-а (носка, уборка) – да апошніх, як да шкодных пазычаньняў з расейскае мовы, яшчэ маем вярнуцца.

 

Схолія 6. Стараславянская мова, як першая кніжная мова славян, узьнікла на груньце салунскага дыялекту. Аднак, у выніку паскоранае кадыфікацыі і ўмяшаньня “інтэлігенцыі” ў моўную сыстэму, яна займела шмат таўталягічных і гвалтоўных словаўтваральных канструктаў, якія адхілілі яе сыстэму ад натуральнага разьвіцьця астатніх славянскіх дыялектаў.

 

Дэскрыпцыя 1. У стараславянскай мове надта пашырыліся словы на -и-е з абстрактным значаньнем: беззаконие, благонравие, величие, лицемерие, незлобие. Відаць, паводле павярхоўнае аналёгіі з грэцкімі словамі на -ια (алетэйя, энтэлехія). Утварыліся нават чыста таўталягічныя фарманты, скажам, -ств-о + -и-е = -стви-е (благодарствие, действие, следствие, шествие). Усяго гэтага не было ў простай праславянскай сыстэме й не ўзьнікала ў яе жывых гаворках.

 

Дэскрыпцыя 2. Найбольшыя структурна-функцыянальныя дэфармацыі зазналі ў стараславянскай мове аддзеяслоўныя фарманты на -ани-е, -ени-е, прыкладам: благоухание, вожделение, напыщение, наслаждение, поношение, смущение, соединение, тщание, украшение, упражнение, ухищрение. Многія зь іх прыраўналіся да абстракцыяў на -и-е, -ств-о, -стви-е, а функцыі ўсіх разам сталі ўзаемазамяняльнымі. У выніку, цэлыя групы суфіксаў сэмантычна НЭЎТРАЛІЗАВАЛІСЯ.

 

Дэскрыпцыя 3. Сыстэма беларускае мовы (як і бальшыні іншых славянскіх моў) разьвівалася без гвалтоўных дэфармацыяў. Аддзеяслоўныя спакменьнікі на -аньне, -еньне вырасьлі ў асобную граматычную катэгорыю дзееспакменьнікаў (славянскі герунд): важэньне, ганяньне, кіненьне, аджыўляньне, палоцьце, церце, што захоўвае дзеяслоўнае трываньне: разьвязаньне – разьвязваньне, намаўляньне – намовеньне, выбіраньне – выбраньне, праводжаньне – правядзеньне, будаваньне – збудаваньне, браньне – узяцьце.

 

Дэскрыпцыя 4. Значаньне гэтых nomina actionis карэлюецца з’ значаньнем іншых фармантаў. Скажам, вынік дзеяньня перадаюць фарманты -ø (выбар), -ак (упадак), (намова), -унак (гатунак), дзеяньне як рытуал – -ін-ы (адведзіны), -к-і (адведкі), (зовы). Дарэчы, у беларускай мове нельга блытаць само дзеяньне паданьне (спаданьне) й ягоны вынік – упадак, або разьвязваньне (разьвязаньне) й вынік – разьвязак.

 

Дэскрыпцыя 5. У беларускай мове ад назоўніка дзеяньня (nomina actionis) можа паўстаць найменьне суб’екта дзеяньня (nomina agentis): купаньне – купаньнік, казаньне – казаньнік, нашэньне – нашэньнік і г.д. Ад больш архаічных слоў з суфіксам -ц-е ўтвараецца носьбіт дзеяньня на -ец: палоцьце – пялец (праўда, менш рэгулярна). (Ў адных дыялектах гэтыя nomina agentis захавалі арыгінальную форму на -аньнік, у іншых – менш арыгінальную на -альнік.)

 

Сума 1. Вось жа, як адпрыметнікавыя ўтварэньні на -нік захоўваюць атрыбутыўнае значаньне, так аддзеяпрыметнікавыя ўтварэньні на -аньнік захоўваюць дзеяслоўнае значаньне. Беларускія nomina actionis на -аньне, -еньне і nomina agentis -аньнік, -еньнік істотна КАМПЭНСУЮЦЬ непажаданыя ДЗЕЕПРЫМЕТНІКІ на -уч, -юч, прыкладам: супраць надыходзячагасупраць надыходжаньня, гаворачая асобаасоба гаварэньня, выступаючывыступаньнік, абганяючыабганяньнік і г. д.

 

Каралар 1. Каб убачыць розьніцу беларускага й стараславянскага словаўтварэньня – варта паспрабаваць перакласьці на беларускую мову стараславянскі спакменьнік деяние. Яму адпавядае беларускі спакменьнік выніку дзеяньня ўчынак, яшчэ лепш – справунак. А фармальна тоесны беларускі назоў дзеяньне, як выяўляецца, – сэмантычна тоесны зусім іншаму слову – действие з таўталягічным суфіксам -ствие. Дык дзе ў беларускай мове СЫСТЭМА – там у стараславянскай ХАОС.

 

Схолія 7. Гісторыя расейскае мовы прынцыпова розьніцца ад гісторыі беларускае мовы (і ад гісторыі іншых славянскіх моў). Доўгі час расейцы карысталіся стараславянскаю (ці, інакш, царкоўнаславянскаю) моваю як уласнаю літаратурнаю. Расейскія народныя элемэнты й царкоўнаславянскія кніжныя элемэнты паступова зрасьліся ў адно цэлае да такой ступені, што паасобныя мовазнаўцы лічаць сучасную расейскую мову вынікам разьвіцьця царкоўнаславянскае мовы на расейскім груньце.

 

Гіпотэза. Неўтралізацыя суфіксаў nomina actionis у царкоўнаславянскай мове не заўважалася да тае пары, пакуль мова існавала як кніжная, элітарная. Але як толькі яе элемэнты ўліліся ў жывое расейскае маўленьне – узьнікла пільная патрэба кампэнсацыі гэтае граматычнае функцыі. І менавіта нястача nomina actionis на -ани-е, -ени-е (вынік нэўтралізацыі) – выклікала да жыцьця новыя nomina actionis на -к-а (носка, присылка, резка, явка), а таксама этымалягічна зьвязаныя зь імі nomina agentis на -чик, -щик (доводчик, носчик, отбойщик, ответчик, проведчик, резчик).

 

Сума 2. Такім парадкам, nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик – чыста расейская народная зьява, выкліканая дэструкцыйным уплывам царкоўнаславянскае мовы. Праўда, ні ў самой царкоўнаславянскай мове, ні ў праславянскай, ні ў іншых славянскіх мовах мы ня знойдзем гэтых суфіксаў. Ёсьць толькі іх ПРАТАТЫПЫ – пэўнага кшталту “зародкі”.

 

Апорыя. Прапанаваная тут гіпотэза раскрывае абставіны ўзьнікненьня расейскіх nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик, але пакідае пад пытаньнем парадак іх узьнікненьня на расейскім груньце. Здаецца, што першымі мусілі зьявіцца суфіксы -к-а, а тады ўжо – -чик, -щик, але насамрэч nomina agentis на -чик, -щик фіксуюцца ў помніках канца XV ст, а nomina actionis на -к-а – толькі зь XVII ст. Мабыць, працэсавы суфікс -к-а разьвіўся ў выніку перараскладаньня суфіксаў -чик, -щик.

 

Сума 3. Зробім практычныя высновы для сучаснае беларускае мовы. Суфіксы nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик русіфікуюць ня толькі лексыку й словаўтварэньне. Яны адпраўляюць ў архіў цэлую сыстэму беларускіх граматычных катэгорыяў: дзееспакменьнікаў і зьвязаных зь імі сынтаксычных канструкцыяў. І ў той жа час яны ня могуць кампэнсаваць дзеепрыметнікаў на -уч, -юч, як тое робяць больш гнуткія nomina actionis на -аньне, -еньне.

 

Хрыя. Суфіксы nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик – гэта ГОНАР расейскае гутарковае мовы й ГАНЬБА беларускае савецкае мовы. Бо ў расейскай мове яны ўзьніклі як пільная жыцьцёвая патрэба сыстэмы. А ў нас яны прыжыліся як вынік рабскага “зьлізваньня” ўсяго каляніяльнага. Расейцаў гэтыя суфіксы зрабілі ні да кога не падобнымі, а нас – падобнымі толькі да расейцаў.

 

© Ю. В. Пацюпа, 2008

 

 

Comments

( 44 comments — Leave a comment )
wal_de_maar
Oct. 28th, 2008 10:40 am (UTC)
Вельмі цікава!

Пытаньне крыху off-topic: чым розьніцца ўжытак дзеяслова "дзяржаць" і вытворных ад дзеяслова "трымаць" і вытворных? Чаму вы ўжываеце першы?
paciupa
Oct. 28th, 2008 11:09 am (UTC)
Пра ўсе нюансы доўга пісаць. Пляную асобна. Але 1) дзеяслову "дзяржаць" аддаваў перавагу Ян Станкевіч, 2) "дзержаць", "адзержаць" праясьняе сякія-такія складанасьці (ратуе ад калек), 3) ад "трымаць" патыхае польскім уплывам (надта цікавая карціна ў дыялекталягічным атласе), 4) я ня супраць "трымаць" (адно не прадумаў стылёвых дэталяў).
(no subject) - antart - Oct. 29th, 2008 08:46 am (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Oct. 29th, 2008 10:15 am (UTC) - Expand
во як - wal_de_maar - Oct. 29th, 2008 04:13 pm (UTC) - Expand
Re: Так! - paciupa - Oct. 30th, 2008 07:11 am (UTC) - Expand
Re: Так! - paciupa - Oct. 30th, 2008 07:20 am (UTC) - Expand
Re: Так! - paciupa - Oct. 30th, 2008 07:33 am (UTC) - Expand
(no subject) - laksiej - Oct. 29th, 2008 04:33 pm (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Oct. 30th, 2008 07:29 am (UTC) - Expand
(no subject) - laksiej - Nov. 2nd, 2008 12:48 pm (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Nov. 3rd, 2008 09:09 am (UTC) - Expand
(no subject) - miram - Nov. 2nd, 2008 01:09 pm (UTC) - Expand
(no subject) - laksiej - Nov. 2nd, 2008 01:54 pm (UTC) - Expand
(no subject) - miram - Nov. 3rd, 2008 01:18 am (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Nov. 3rd, 2008 09:08 am (UTC) - Expand
Наконт лёгікі - paciupa - Nov. 3rd, 2008 09:24 am (UTC) - Expand
Макароншчына - paciupa - Nov. 3rd, 2008 01:12 pm (UTC) - Expand
Курэц - laksiej - Nov. 3rd, 2008 06:04 pm (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Nov. 3rd, 2008 01:36 pm (UTC) - Expand
(no subject) - paciupa - Nov. 3rd, 2008 09:14 am (UTC) - Expand
laksiej
Oct. 28th, 2008 07:37 pm (UTC)
Дзякуй за вашую працу!
Скажыце, калі ласка, дзе зараз можна набыць вашыя кнігі па мове?
paciupa
Oct. 29th, 2008 07:04 am (UTC)
Дзякуй за добрае слоўца.

З кнігамі зараз цяжкавата. А бальшыня маіх артыкулаў (сёе-тое й з кніжку велічынёй) друкаваліся ў часопісе "Arche".
zo_il
Oct. 30th, 2008 07:45 am (UTC)
"Схолія 1. Усе славянскія мовы складаюцца з элемэнтаў (каранёў і афіксаў), што існавалі яшчэ ў праславянкай мове".
Рызыкоўнае сцверджанне. Бо агульнавядома, што па распадзе праславянскай розныя славянскія мовы пайшлі сваімі шляхамі, адпаведна, займелі і непраславянскія суфіксы.

"Кожная зь іх, у тым ліку й беларуская, удзержваючы ў сабе парадак праславянскага словаўтварэньня, можа разглядацца як варыянт “праславянскае мовы на сучасным этапе”."
Рызыкоўнае сцверджанне, бо: 1. сучасныя мовы далёка адыйшлі ад праславянскай. 2. значыць сёння маем 15 варыянтаў праславянскай мовы на сучасным этапе? Смех у зале.

"стараславянская займела шмат таўталягічных і гвалтоўных словаўтваральных канструктаў, якія адхілілі яе сыстэму ад натуральнага разьвіцьця"
"У стараславянскай мове надта пашырыліся словы на -и-е... паводле павярхоўнае аналёгіі з грэцкімі словамі... Утварыліся нават чыста таўталягічныя фарманты..."
"Найбольшыя структурна-функцыянальныя дэфармацыі зазналі ў стараславянскай мове аддзеяслоўныя фарманты на -ани-е, -ени-е... У выніку, цэлыя групы суфіксаў сэмантычна НЭЎТРАЛІЗАВАЛІСЯ".

Калі вы сёння так хвацка крытыкуеце гістарычнае развіццё нават у мёртвай стараславянскай мове (за якую фізічна ніхто не ў стане адказаць!), то тады ясна, што гістарычнае развіццё беларускай мовы для вас тым больш не указ.
Юрасю, не палічыце за жарт:
Дык вы любіце беларускую мову ці сябе ў беларускай мове?



paciupa
Oct. 30th, 2008 11:38 am (UTC)
Парушыў Ваш камфорт
Заўвагі НЕ ДА СПРАВЫ. Спрачацца - ці ў годзе 12 месяцаў ці 365 дзён – гэта ўсё што Вы прапаноўваеце. Адказы ў мяне ў пасьце.

І цяпер і кагадзе ў Вас – мэнтарства. Унівэрсальная пазыцыя. І зручная. Так і я ўмею.

Факты – крытыка? Інтэрпрэтацыя – крытыка? Унівэрсальныя ў вас аргумэнты. Віншую!

У мяне вельмі мала часу. Дык сьлёзная сяброўская просьба: не правакуйце на доўгія АСАБОВЫЯ разборы. (Бачу, умееце.)
zo_il
Oct. 30th, 2008 11:58 am (UTC)
Re: Парушыў Ваш камфорт
Юрасю,
Папраўдзе, я мала спадзяваўся, што паразумеемся. Вельмі ж старанна вы топчаце сваю, не падобную да іншых, сцежку ў беларускай мове.
Дык праўда, раз не пярэчыце супраць неасабовых разбораў (за гэта дзякую!), буду імкнуцца толькі да канкрэтных рэчаў, з мінімальнымі абагульненнямі.

Такім чынам:
На якой падставе вы пішаце, што нейкія канкрэтныя працэсы ў стараславянскай пайшлі не тым шляхам, якім мусілі ісці? Адкуль вам вядомы шлях, якім яны мусілі ісці? Хіба тое, што адбылося ў стараславянскай, ужо адбылося, і, хоцькі-няхоцькі, мы мусім яго прымаць такім, якое яно ёсць? Найлепш -- без ацэнаў.
Re: Парушыў Ваш камфорт - paciupa - Oct. 30th, 2008 12:51 pm (UTC) - Expand
Re: Парушыў Ваш камфорт - zo_il - Oct. 30th, 2008 01:17 pm (UTC) - Expand
Re: Жартуеце? - paciupa - Oct. 30th, 2008 01:59 pm (UTC) - Expand
Re: Жартуеце? - zo_il - Oct. 30th, 2008 04:46 pm (UTC) - Expand
Re: Парушыў Ваш камфорт - paciupa - Oct. 30th, 2008 01:01 pm (UTC) - Expand
Re: Парушыў Ваш камфорт - zo_il - Oct. 30th, 2008 01:23 pm (UTC) - Expand
Re: Парушыў Ваш камфорт - paciupa - Oct. 30th, 2008 01:43 pm (UTC) - Expand
paciupa
Oct. 30th, 2008 11:54 am (UTC)
Люблю Россию я, но странною любовью…
Пра эгаізм актуальна. Напішу тут падрабязьней. Шмат гадоў пляную артыкул на гэтую тэму.

Любіць сябе ў мове той, хто вывучыў тры словы й крычыць: гэта МОЙ стыль! Не чапайце! А там... ня стыль, а узус (фрагмэньцік узусу). Во’ гэта мяне хвалюе!

Не любіць мовы той, хто з аднолькавым імпэтам, АКАДЭМІЧНА, дасьледуе й яе адміраньне, і русіфікацыю, і аднаўленьне.

А калі чалавек па каліву РЭСТАЎРУЕ сыстэму, СВАІХ вершаў ня піша, САБЕ грошай не зарабляе, зьбірае, зьбірае... і нясе як ДАР – яму дзядзька-мэнтар – плясь! – як лапцем па вадзе: “Лаві злодзея!” Дзякуй, дзядзьку!

У мяне прынцып: НІЧОГА АСАБІСТАГА ў мове. Як толькі я адкрываю, што можна лепш – я “наступаю на горла ўласнай песьні” . “Моватворцаў” у нас шмат. А Пацюпа – зьбірае, як пчолка, усё што створана ДА яго. І робіць тое, на што ўсе рукой махнулі. (А што безасабова выглядаюць абароньнікі "свайго" - іх праблема, а не мая!)

Габрэй Бэн Егуда таксама дзеля сябе? Нарвэжац І. Осэн таксама дзеля сябе? І Ян Станкевіч дзеля сябе? Так можна ўсё з ног на галаву паставіць!

А цяпер прааналізую Ваш эгаізм. Нічога не мяняць? Хай русіфікуецца? Ці мяняць як ВАМ даспадобы? Разумею! Ствараю Вам дыскамфорт. Ваша любасьць да мовы – гэта любасьць да каляніяльнай спадчыны, якую вы лянуецеся парадкаваць. І носіце, як тыя кітайскія косы (гл. Лсл.).

Я ж Вас гвалтам не заахвочваю! (Каму цікава – бярэ. Каму незразумела – удакладняе.) А маўчаць – не магу. Калі бачу хібы ў мове – у мяне адрэналін павышаецца, нават рукі дрыжаць.

Ваш тон зычлівы. Вашы заўвагі неканструкцыйныя. Але рыторыка іх удала скіраваныя да пустых спрэчак. Гэта сьведама?

Здаецца, Ігар Севяранін пра Георгія Іванава напісаў, што ў таго гной на канцы пяра... (Гной мэтафарычны.) Дык даруйце, прамыйце заілава пяро! Небясьпечна.
zmij_vish
Nov. 13th, 2008 02:10 pm (UTC)
Юрась, прывітанне!


Я даслаю табе выяву сабака! У першым лісце якасць горшая, у другім -- лепшая (але другі файл больш важыць). Для друку 2 варыянт будзе самае то... Але як атрымаецца... Арыгінал прэзентаваў супрацоўніцы літаратурнага дома)))
laksiej
Nov. 13th, 2008 05:01 pm (UTC)
Няўжо ў ЖЖ адмянілі асабістыя паведамленьні? :)
paciupa
Nov. 14th, 2008 09:20 am (UTC)
Усё файна! Дзякуй вялічэзны!
macsolas
Nov. 19th, 2008 11:53 am (UTC)
як тут у Вас цікава! зафрэнджу, каб ляпей знаць дзедаву мову.
paciupa
Nov. 20th, 2008 02:47 pm (UTC)
Вельмі прыемна! Заходзьце часьцей.
Lavon Malinoŭski
May. 28th, 2012 11:56 am (UTC)
Дзякуй Вам за працу.
Спадару Юрась.
Апошнім часам адрокся чытаць усё, акрым Вашых артыкулаў і зацемак. Вашыя тэксты добры лек на паняверку. З імі ведаеш, кодэю ісці, каб не заблукаць у нетры беларускага мовазнаўства. Я толькі пачынаю цікавіцца мовай і займацца мовазнаўствам, таму разумееце, як гэта для мяне важна. Заходзьце ў фэйсбук, калі Вашая ласка. Там ёсць суполка "Роднае Слова" - Вы там таксама патрэбны.
З павагаю, Лявон
paciupa
May. 30th, 2012 11:22 pm (UTC)
Дзякуй Вам! Што ж... Як той казаў, "Пускай нам общим памятником будет построенный в боях социализм..." :)

Пастараюся прыйсьці й на фэйсбук. Пакуль што ЖЖ кепска даю рады. Няма калі:(

Пішэце. Без сумоўя й падтрыманьня мае штудыі нішто.
( 44 comments — Leave a comment )

Profile

apis
paciupa
Юрась Пацюпа

Latest Month

May 2019
S M T W T F S
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
Powered by LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow