?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Карозія стылю,

або Стывэн Кінг, Ралан Барт, Станіслаў Станкевіч ды Альберт Паўловіч мяркуюцца

 

 

§ 1.

Станіслаў Станкевіч у сваёй слыннай працы “Русіфікацыя беларускай мовы ў БССР” (http://knihi.com/mova/rusifikacyja.html) – тым лемантары, безь якога няма чаго й брацца за беларускую мову, – сярод непажаданых маскалізмаў называе й вось якія:

 

12. З хваляваннем глядзіцца тая частка фільма, дзе паказана, як на завод прыехаў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў (ЛіМ, 19.09.1961); Цяпер, як ніколі, патрабуецца, каб прапагандыст добра валодаў тэорыяй (З, 15.07.1961); Сем мільёнаў дамоў мяркуецца пабудаваць у сельскай мясцовасці (КБ, 16). Тут маем аўтаматычнае перанясеньне ў беларускую мову спэцыфічных для расейскае мовы выразаў зь безасабовымі формамі зваротных дзеясловаў: смотрится та часть фильма, требуется, чтобы пропагандист, предполагается построить.

 

Даўно я гэта прачытаў, яшчэ тады, калі Станкевічава брашура хадзіла па руках у выглядзе ксэраксу. З таго часу, прааналізваўшы й пільна засвоіўшы цытаваную заўвагу, выразаў, з пасіўнымі прэдыкацыйнымі канструкцыямі я стараюся не ўжываць, выкараняю іх як магу і дзе магу. Аднак у данай зьяве яшчэ шмат чаго застаецца “па-за дужкам” непраясьненага й неразгаданага. Адкуль бяруцца пасіўныя канструцыі? Ці гэта нейкія адроджаныя архаізмы? Ці калькі зь нейкае ўплывовае замежнае мовы? Ці тут мы маем зьяву новую й лякальную? Ці наадварот, перад намі якаясьці міжнародная пляга?

 

§ 2.

І зусім нядаўна, чытаючы кнігу Стывэна Кінга “Як пісаць кнігі” я даведаўся, што “кароль жахаў” таксама цярпець ня можа пасіўных канструкцыяў, і лае іх апошнімі словамі:

 

Дзеясловы бываюць двух тыпаў: актыўныя й пасіўныя. Дзеясловы першага тыпу – гэта калі дзейнік сказу нешта робіць. Пасіўны ж дзеяслоў – гэта калі зь ім нешта робяць, а дзейнік проста дазваляе, каб тое адбылося. Пасіўнага стану трэба ўнікаць. Гэта ня толькі я кажу, тое самае вы знойдзеце і ў “Элемэнтах стылю”.

 

Сп-ры Странк і Ўайт не прапаноўваюць гіпотэз, чаму гэтулькі пісьменьнікаў квапіць пасіўны стан, але мне хочацца гэта зрабіць: я думаю, што неадважныя пісьменьнікі любяць яго з тае самае прычыны, зь якой неадважным каханкам даспадобы пасіўныя партнэры. Пасіўны стан бясьпечны. Няма клопатных дзеяньняў, якія трэба спаўняць, а дзейнік можа, калі перафразаваць каралеву Вікторыю, “Заплюшчыць вочы й летуцець пра Англію”. Яшчэ я думаю, што няўпэўненым у сабе здаецца, быццам пасіўны стан неяк надае іхнай працы аўтарытэтнасьці, нават нейкае велічы. Калі вам здадуцца велічнымі тэхнічныя інструкцыі і пісаньні юрыстых, дык гэта праўда-такі.

<…>

 

Я не хачу сказаць, што пасіўнага стану трэба зусім пазбыцца. Уявім сабе, што нехта памёр на кухні, але апынуўся ў іншым месцы. Цела было перанесена з кухні і пакладзена на канапу ў гасьцёўні – акурат так можна напісаць, хоць ад слоў “было перанесена” і “пакладзена” ў мяне проста адрыжка. Мне б куды болей спадабалася Майра ды Фрэдзі перанесьлі цела з кухні й паклалі на канапу. Чаму наагул цела мусіла быць дзейнікам? Яно ж, халера на яго, мёртвае! Што, цяжка гэта дапетрыць?

 

Ад дзьвюх старонак пасіўнага стану – амаль што ўсякі канцылярскі ліст, ня кужучы ўжо пра стосы кепскай прозы – мне хочацца верашчаць. Гэта слаба, гэта ўнікліва, а часьцяком яшчэ й пакутліва.

 

О так! Выяўляецца, што і ў ангельскай мове тая самая пляга. А русіфікацыя гэная досыць-такі апасродкаваная. Пасіўныя канструкцыі – гэта пляга нашага часу, пляга кніжнага стылю. Проста, расейская мова больш кніжная, ніж беларуская, а расейскі канцылярыт даўно, як рыбіна косьць, у нас у горле сядзіць. Але насамрэч хвароба мае куды глыбейшыя карані. Адкуль жа растуць ногі? Загадка! Адно я ведаю: у народнай гутарковай мове такім “кручаным” спосабам, калі суб’ект рэгулярна ператвараецца ў аб’ект, але застаецца агенсам! – ніхто не гаворыць.

 

§ 3.

Поўнага разуменьня, што ж адбываецца зь людзкімі галовамі, чаму людзі так дзіка мысьляць і мовяць, я пакуль што не знайшоў. Але ў Стывэна Кінга на асаблівую ўвагу заслугоўвае спасьцярога пра “аўтарытэтнасьць” выказваньня й характэрнасьць падобнага безасабовага, ананімнага стылю для юрыдычных лістоў.

 

Спадзяюся, што яшчэ адну кроплю сьвятла на аказаную “прэсную” загадку пралівае праца Раляна Барта “Міт сёньня”. Ці не з фэномэнам улады й яго разбуральным дзеяньнем мы гэт’та сутыкнуліся? Экспансіянізм улады сягае мэнтальнасьці, праточваецца ў нашу моўнасьць і выліваецца ўрэшце ў выглядзе стылёвых міязмаў. Вось скампрэсаваная і перасэнсаваная цытата з Р. Барта, дзе словы “буржуазія”, “буржуазны” я замяніў на словы “дзяржава”, “дзяржаўны” (заўважма, не “гаспадарства”! – бо ў апошняга канатацыя пазытыўная):

 

[Дзяржаўная] ідэалёгія як мага ахвотней пазбываецца свайго імя, праточваючыся ў прамежкавыя слаі грамадзтва; гэты мэтлівы сынкрэтызм дазваляе [дзяржаве] займець вялікую колькасьць часовых хаўрусьнікаў. [Дзяржавіна] адмаўленьне ад свайго імя становіць існасьць [дзяржаўнае] ідэалёгіі, чын, празь які [дзяржава] трансфармуе рэальны сьвет у яго вобраз, Гісторыю – у Прыроду; пачатковае ўяўленьне пра зьменлівасьць сьвету прыводзіць да перакуленага вобразу людзтва, якое паўстае нерухомым.

 

Пасіўныя канструкцыі ананімныя, яны ўнікаюць быцьцёвае адказнасьці, перакладаючы яе на плечы няведамага суб’екту “па-за кадрам”, на сумленьне “шэрага кардынала”. Успомнім слынную “калектыўную адказнасьць” савецкае бюракратыі як спосаб ухіляцца ад адказнасьці. “Ня я пяю, народ божы...” – пяюць сырэны ўлады. І глянь, шаноўны чытач, ці ня ты ў гэтым хоры падпяваеш? А дыскурс нібы нашэптвае: ня я раблю! ня ён! ня мы! ніхто ня робіць! само робіцца! І хто паспрачаецца з гэтай безасабовай сілай, якая валачэ нас і нашу думку праз лябірынты інструкцыяў і цыркуляраў, якая космас замяняе на канцылярыю, а дзікую сьцяжынку жыцьця – на гатовы маршрут, выпісаны няведамым службоўцам, – службоўцам, які й сам сабе не гаспадар.

 

§ 4.

Дык ці паставіў Р. Барт тутака апошнюю кропку? Думаю, што не. Але спыню гаданьні й дазволю сабе перайсьці да практычных прыкладаў. У 1994–1995 гг. мне разам зь Янкам Трацяком і Сяргеем Габрусевічам даводзілася рабіць часопіс “Сьвіцязь”, у 1998–1999 гг. я дапамагаў Анжаліне Дабравольскай рэдагаваць некаторыя беларускія матар’ялы “Гродненскіх епархіальных ведомостей”, у 2002 г. я карэктаваў для Алены Сіневіч жаночы бюлетэнь “Саламея”, а ў 2003–2004 гг. з Уладзімірам Хільмановічам і Віктарам Сазонавым кшталтаваў мову ў бюлетэні “Свой лад”, зь імі ж рыхтаваў “шчэцінскія брашуры”, выдаваныя фондам Л. Сапегі – і ўсюды, як венікам, вымятаў пасіўныя канструкцыі з тэкстаў. Але сьмецьце не выкідваў, зьбіраў, аналізаваў. А зараз кшталты тае мярцьвянае мовы, розныя гатункі лайна маю выставіць людзям на вока.

 

Тое, што ніжэй прапануецца, ня выдумана, а ўзята з даўнейшых карэктураў. Зьлева, звычайным шрыфтом, – падаюцца ўзоры пасіўных канструкцыяў, а справа, тоўстым шрыфтом, – тыя адменьнікі, якія я прапаноўваў наўзамен. Натуральна, разам з пасіўнымі канструкцыямі я выпраўляў і іншыя моўныя хібы. Казённасьць як комплексная зьява “практыкуе” іх нямала: “дубовыя слоўцы”, “расьцяканьне мысьляю па дрэву”, “масла масьленае” і да т. п.

 

Далей будзе: http://paciupa.livejournal.com/6740.html#cutid1

© Ю. Пацюпа, 2009

 

Comments

( 2 comments — Leave a comment )
maryjka_
Apr. 9th, 2009 09:44 pm (UTC)
Афтопік. Дзякуй за рэцэнзію на сібагні! Было б файна, калі б гэта надрукавалі недзе ў расіі ў перакладзе. Я бы нават пераклала для такой справы:) Як вы на гэта глядзіце?
paciupa
Apr. 30th, 2009 09:52 am (UTC)
Добры дзень! Прабачце, што ня змог адказаць адразу. Ездзіў сюды туды:)

Я ня супраць Вашае прапановы. Калі мая рэцэнзія вартая пашырэння, то дзякуй. За прапанову перакладу - адумысны дзякуй. Дарэчы, апрача ўхвалення і падзякаў я атрымаў нават адну пагрозу і азначэньне "агент дзяржавы" (відаць, агент, які подла пратачыўся на "Свабоду"). Думаю, Вы лёгка здагадаецеся ад каго выходзіла пагроза - ЁН хваліць, як нешта сабе МАЕ:)
( 2 comments — Leave a comment )