?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Карозія стылю, (працяг)


або Стывэн Кінг, Ралан Барт, Станіслаў Станкевіч ды Альберт Паўловіч мяркуюцца

 Пачатак: http://paciupa.livejournal.com/6560.html#cutid1

§ 5.

Найпрасьцейшая і найудалейшая тая замена, дзе пасіўную канструкцыю заступае канструкцыя асабовая актыўная:

 

(1)

– яна перасьледавалася дзяржаваю ‑ ёй чыніла перасьлед дзяржава;

калі Т-ым ствараласяNкалі Т-оў ствараўN;

– бераг ахоўваўся войскамі ‑ бераг ахоўвалі войскі.

 

Праўда, практыка паказвае, што найчасьцей пасіў узьнікае там, дзе агенс неаказаны. У гэтым разе безасабовую канструкцыю з зваротным дзеясловам найлепей замяняць на канструкцыю няпэўнаасабовую:

 

(2)

гаварылася ў лісьце ‑ казалі ў лісьце;

– у якім гаварыласядзе гаварылі;

– не зьвяртаецца ўвагі ‑ не зважаюць;

– тады задаецца пытаньне ‑ тады задаюць пытаньне;

– такім чынам выконваласягэтак выконвалі;

плянавалася даручыць ‑ меркавалі даручыць;

рабіліся здымкі – здымалі.

 

Аднак ня шкодзіць памятаць, што ўсе нашыя замены – з галіны стылістыкі і ім ані ў якім разе нельга надаваць статусу рэгулярнасьці. Замены перадусім мусяць грунтавацца на добрым гусьце.

 

§ 6.

Наагул, пасіўныя канструкцыі з зваротнымі дзеясловамі – гэта толькі малое зло. А куды страшнейшая пошасьць – тыя самыя пасівы, толькі з залежнымі дзеепрыметнікамі, якія вышэй падаваліся ў цытаце з С. Кінга. Гэта шчыра-канцылярскае, можна сказаць, “запатэнтаванае” вынаходніцтва. Практыка паказала: замены да іх бываюць траякія, вось некалькі рэальных прыкладаў на адну тэму:

 

‑ князем быў збудаваны палац ‑ князь збудаваў палац (1);

‑ сядзіба была збудаванаясядзібу збудавалі (2);

‑ сядзіба была забудаванаясядзіба будавалася (3).

 

У першым разе заміж пасіўнай канструкцыі зь дзеепрыметнікам – ужываем актыўную, у другім разе заміж пасіўнай безасабовай зь дзеепрыметнікам – пішам актыўную няпэўнаасабовую, а ў трэцім разе такую самую пасіўную зь дзеепрыметнікам – замяняем на пасіўную з зваротным дзеясловам (большае зло – на меншае зло). Пры патрэбе, у чацьвертым разе – можна й не рабіць заменаў. Вось прыклады з практыкі.

 

Казус першы:

 

– атрад быў высачаны войскамі ‑ аддзел высачылі войскі (1);

– народ быў пазбаўлены сваёй назвы ‑ народ застаўся безь імя (1);

‑ ён быў спалены расейцамі ‑ яго спалілі расейцы (1);

‑ ён быў прызначаны прэзыдэнтам ‑ прэзыдэнт яго прызначыў (1);

 

апошняе можна й гэтак прачытаць, але тады будзе іншы сэнс:

 

[‑ ён быў прызначаны прэзыдэнтам – яго прызначылі прэзыдэнтам (2)],

 

гл. ніжэй.

 

Казус другі:

 

быў зьнішчанызьнішчылі (2);

былі схаваныя ў зямлю – схавалі ў зямлю (2);

– А. быў адшуканы ў вадзе ўтопленым ‑ А. знайшлі ўтопленым (2);

разрабаваны і разбуранызрабавалі і збурылі (2);

‑ згода Саўміну была атрыманаязгоду Саўміну атрымалі (2);

‑ старшынём быў абраныстаршынём абралі (2);

‑ у партыі была створанаяу партыі стварылі (2);

‑ нам патлумачананам патлумачылі (2);

‑ не было прынятане прынялі (2);

было прынятае рашэнне – пастанавілі (2);

было вырашананадумалі (2);

было загаданазагадалі (2);

было высьветленадаведаліся (2).

 

Казус трэці:

 

быў створаны камітэт ‑ стварыўся камітэт (3);

‑ ў аснову было пакладзенае пачуцьцё – ў аснову пакладалася пачуцьцё (3);

‑ лічбы былі прыведеныялічбы падаваліся (3).

 

Казус чацьверты:

 

былі зацьверджаныя мандаты ‑ былі зацьверджаныя мандаты (4).

 

Запраўды, не заўжды і ня ўсё трэба замяняць.

 

§ 7.

Ёсьць шэраг выпадкаў няпэўных, дваістых і г. д. Прыкладам, здараецца, што першы казус вонкава вельмі падобны да трэцяга:

 

N. быў пасьвячоны ў сан сьветара – N. высьвеціўся на сьветара (1);

была разьмешчаная вайсковая ч. ‑ кватаравалася вайсковая ч. (1).

 

Тут зваротныя дзеясловы справа – асабовыя, характэрныя для беларускае мовы й нічога супольнага з Станкевічавай заўвагай ня маюць.

 

Часамі, наагул, распазнаць без кантэксту, дзе які казус, немажліва:

 

быў засечаны (кім хто)засеклі (хто каго) (1/2);

– паўстаньне было падаўленапаўстаньне здушылі (1/2).

 

А шмат у якіх выпадках мажлівыя варыянты замены:

 

┌─ арганізавалі гурток (2);

быў арганізаваны гурток              

└─ арганізаваўся гурток (3);

 

┌─ дамовы пакладаліся (3);

‑ дагаворы былі заключаныя           

└─ дамовы паклалі (2).

 

Некаторыя ж наяўныя варыянты ў пляне нашае праблемы – тоесныя:

 

‑ тэкст звароту быў даведзены да ведама ўсіх дэпутатаў

 

┌─ зварот сп. А. абвесьціў усім дэпутатам (1);

└─ зварот сп. А. даў да ведамасьці ўсім дэпутатам (1).

 

Няма абсягаў дасканаласьці! Вось цікавы ўзор, як беларуская фраза пакутліва вылузвалася з канцылярыту:

 

– позірк быў накіраваны (куды)позірк кіраваўсяВОЧЫ ГЛЯДЗЕЛІ.

 

Ня ўсе пасіўныя канструкцыі грунтуюцца на зваротных формах дзеясловаў і залежных дзеепрыметніках, але ад гэтага іх характар не мяняецца:

 

было прыняцьце прысягі (кім)прысягалі (хто) (1);

бітва была зацятая ‑ біліся зацята (2).

 

Заганныя не самыя празь сябе марфалягічныя формы, якія бяруць удзел у стварэньні пасіўных прэдыкацыйных канструкцыяў, а той сынтаксычны зьмест, які яны нясуць.

 

Надта пошасныя канцылярызмы з мадальным спалучэньнем быў вымушаны, якое я ўжо стаміўся папраўляць:

 

быў вымушанымусіў;

быў вымушанмусіў;

вымушанаямусіць;

прымушаны працаваць ‑ мусіць працаваць;

 

┌─ мусілі цэлы сакавік;

вымушаныя былі напрацягу сакавіка                  

└─ мусілі праз цэлы сакавік.

 

Наагул, трэба помніць беларускія ўстойлівыя канструкцыі:

 

– было бачна – відаць;

– заўважна, што ‑ відаць, што;

– заўважна – заўважаецца;

– павінен быў – мусіў

 

і тады мова будзе жывая й натуральная.

 

§ 8.

Пад канец яшчэ раз мушу зрабіць перасьцярогу, што ўсе гэтыя рэкамэндацыі – з галіны стылістыкі, і іх удалае тарнаваньне залежыць ад уласнага густу. Ёсьць такі выраз: скажы дурню маліцца, дык ён лоб разаб’е. Мне не хацелася б, каб мы “разьбівалі ілбы” пры пісаньні. У народным маўленьні ёсьць вельмі шмат і пасіўных і безасабовых выразаў. А некаторыя зь іх вельмі прыгожыя. На жаль, пакуль што я не магу пэўна сказаць, ці ёсьць нейкая фармальна-сэмантычная розьніца паміж бюракратычнымі пасівамі і устойлівымі народнымі выразамі.

 

Таксама баюся, каб вайна з сынтаксычнымі пасівамі не перарасла ў вайну з пасіўнымі дзеепрыметнікамі, якія тарнуюцца ў памянёных канструкцыях. Бо залежныя дзеепрыметнікі прошлага часу – гэта ледзь не адзіная паўнавартая й паўнакроўная форма існаваньня беларускіх дзеепрыметнікаў. Мала таго, іх прадукцыйнасьць у нас куды большая, ніж у расейскай мове.

 

Так, мы перакладаем з расейскае мовы на беларускую:

 

┌─ як той казаў;

как говорится        

└─ людзі кажуць.

 

Але ж ёсьць і выразы так вядзецца, так ня робіцца, табе сказана і г. д.

 Каб не разібіваліся лбы й не чыніліся перабольшаньні, у якасьці адатруты прапаную на заканчэньне ўспомніць верш Альберта Паўловіч “І плач не паможа”, дзе вельмі ўдала тарнуецца народны безасабовы выраз так вядзецца..

 

 

© Ю. Пацюпа, 2009
 

Comments

( 24 comments — Leave a comment )
ex_biespart
Mar. 20th, 2009 10:48 am (UTC)
Цудоўны аналіз. Вялікі дзякуй.
paciupa
Mar. 20th, 2009 10:55 am (UTC)
Дзякуй Вам за добрае слова:)
wal_de_maar
Mar. 20th, 2009 01:05 pm (UTC)
Дзякуй!
І праўда - ад бюракратычнай мовы дзьме мярцьвеччынай...
paciupa
Mar. 20th, 2009 01:39 pm (UTC)
:)
valjaryna
Mar. 20th, 2009 03:12 pm (UTC)
так дзьме, што ажно патыхае ;)
paciupa
Mar. 20th, 2009 08:13 pm (UTC)
Дзьме, ды ня ў той бок...
valjaryna
Mar. 20th, 2009 08:15 pm (UTC)
Ааа! У Пацюпы інэт дома ці ён НН так аб'ядае? :)
Тааак... Прасіла ж не адказваць мне пад гэтым юзэрпікам! :)))
paciupa
Mar. 20th, 2009 08:27 pm (UTC)
1. І тое й другое...

2. Не знайшлося лепшага да сытуёвіны:)
wal_de_maar
Mar. 24th, 2009 06:50 pm (UTC)
Менавіта.
Зарапартаваўся. :(
toi999
Jun. 26th, 2009 10:02 am (UTC)
Дзякуючы Вам, спадару Юрась, заўважыў досыць вялікую "скаразіяванасьць" собскае маўленчае практыкі.
paciupa
Jun. 26th, 2009 12:52 pm (UTC)
Рады, што не намарна зьбіраў гэты матар'ял:)
morda2
Jul. 11th, 2009 01:50 pm (UTC)
Сэнсацыя!
Cяргей Салаш сам сябе цкуе. Гэта ён дасылае шматлікія СМС апазіцыянерам! Падрабязнасьці на сайце
http://sasalash.narod.ru/
natayakavenka
Sep. 7th, 2009 09:34 am (UTC)
Юрась,ты малайчына! Гэты працаёмкі дослед атрымаўся ў цябе як заўсёды шыкоўна!
paciupa
Sep. 10th, 2009 07:11 am (UTC)
Дзякуй!
І прывітаньньне ў сеціве:)
timtazo
Oct. 27th, 2009 10:36 am (UTC)
Пpива!
Надо бы добaвить http://paciupa.livejournal.com/ в коллекцию ссылок!
А тaк по существу :-) поддержу автора: природа любит скрываться.
staraptach
Nov. 23rd, 2009 06:24 pm (UTC)
Дзякуй Вам вялічэзны за навуку, дзядзька Юрась!
Хацеў запытацца: дзе можна пабачыць ваш артыкул "Моўная ўтопія В.Ластоўскага як славянская трансфармацыя футурызму"? У сеціве яго, здаецца, няма...Мо б Вы яго зьмясьцілі ў сваім ЖД?
Яшчэ раз дзякуй.
Чакаем новых допісаў!
paciupa
Dec. 16th, 2009 06:30 pm (UTC)
Дзякуй Вам за добрае слоўца!

Артыкул гэты друкаваўся ў часопісе "Крыніца" за 1995 год і ў адным з зборнікаў Скарынаўскага цэнтру "Albarussica". Наагул, я даўно зьбіраюся скінуць у ЖЖ усю сваю мова- і літаратуразнаўчую бібліяграфію. Паўгады зьбіраюся! Вось і Вам месяц адказваю, прабачце:) Такія ў мяне цяпер абставіны й абмежаваны доступ да сеціва. Абы што, адным словам...
staraptach
Dec. 21st, 2009 02:39 pm (UTC)
Чакацьмем!
Зь вялікай цікавасьцю стаўлюся да Вашага наробку (як мовазнаўчага, так літаратуразнаўчага) - таму й пытаюся пра артыкулы. Бо, скажам, у той жа Берасьцейскай абласной бібліятэцы можна знайсьці толькі тыя Вашыя артыкулы, што друкаваліся ў "ARCHE". Заказваць праз МБА - досыць клопатна (прынамсі, у нас). Помню, як намучыўся з ксэраксам "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі"...
Маю да Вас яшчэ адно невялічкае пытаньне: калі пабачаць сьвет "Рытмалягічны трактат" і "Расейска-беларускі слоўнік"?
Дзякуй.
ex_biespart
Mar. 27th, 2010 04:04 pm (UTC)
Можа б і вам было цікава: http://community.livejournal.com/kamputerm/
Можа б і вы маглі калі-нікалі памагчы якой парадаю? Былі б праз меру ўдзячныя.
maryna_kvietka
Mar. 13th, 2011 11:17 am (UTC)
З Днём народзінаў :) Шчасьлівага й плённага жыцьця!
paciupa
Mar. 23rd, 2011 10:00 am (UTC)
Дзякуй:)
bartnicki
Apr. 4th, 2011 08:38 pm (UTC)
прашу прабачэння. вельмі пільна патрабую з Вамі звязацца. surynovic@list.ru
wilukern
Apr. 13th, 2011 05:32 pm (UTC)
Love your site man keep up the good work

vouk
Aug. 12th, 2011 08:33 am (UTC)
адна бяда, што гэтыя доследы - на заходнебеларускай глебе.
а прыкладам для магулёўца гэта будзе цалкам ненатуральна, як бы па-польску (тут справа не ў якой там русіфікацыі, проста - па іншаму).
таму рэкамендаваць гэта можна было б хіба для рэфлексіі над мовай.
( 24 comments — Leave a comment )

Profile

apis
paciupa
Юрась Пацюпа

Latest Month

May 2019
S M T W T F S
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
Powered by LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow