?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Бацькам слова Горадня павінен лічыцца Вацлаў Ластоўскі, які ў 1915 г. у газеце “Наша Ніва” (№ 10–20, 22 траўня) змясціў артыкул “Нашы гарады: 1. Горадня” (падпісаны крыптанімам Ю. В. – Юрка Верашчака), дзе паставіў з дзясятак націскаў над літарай “о” ў першым складзе, каб усе запомнілі менавіта такую форму, а не якую іншую.

Як трэба называць старажытны беларускі горад над Нёманам? Гісторыя данесла да нас шмат варыянтаў: Горадзен (ён), Горадна (яно), Гродна (яно), Гродна (яна), Гродня (яна), Гародня (яна), Горадня (яна). А як слушна? Ці як трэба? Вакол гэтай праблемы ўтварыліся дзве партыі: прыхільнікі Гародні (пераважна жыхары Гродна) і прыхільнікі Горадні (пераважна жыхары Мінска).

Нядаўна пытанне зноў актуалізавалася пасля выступу Вінцука Вячоркі на радыё “Свабода” на карысць варыянту Горадня[Тут]https://www.svaboda.org/a/27097404.htmlhttps://www.svaboda.org/a/27097404.html. Вячорку запярэчыў Уладзімір Хільмановіч[Тут]https://www.facebook.com/zprava/posts/1555122724544168?comment_id=1556372797752494&notif_id=1508708526618073&notif_t=feed_comment_reply, прыхільнік варыянту Гародня[Тут]https://www.racyja.com/kultura/dze-pryzyamliusya-khrystos-da-estetyki-g/. А Сяргей Шупа запатрабаваў ад прыхільнікаў Гародні падаць спасылкі на фальклор, дыялекты і “міжваенны заходнебеларускі друк”, якія б пацвярджалі праўдзівасць наймення Гародня[Тут]https://www.facebook.com/siarhej.shupa/posts/10155126080878763?comment_id=10155131802398763&notif_id=1508887746419668&notif_t=comment_mention. Праўда, чамусьці не падумаў, што таго самага варта было б патрабаваць і для пацверджання наймення Горадня. Відаць палічыў, што з гэтым найменнем праблем няма. Насамрэч праблем з ім не менш, калі не больш, чым з найменнем Гародня. Так, яно шырока ўжывалася ў заходнебеларускім друку міжваеннай пары, але ні пры якіх умовах не можа прэтэндаваць на статус гістарычнага наймення гораду. Выглядае, што ні ў фальклоры, ні ў дыялектах ні разу не фіксаваўся варыянт Горадня, затое два інфарматары Георгі Тарасевіч і Апанас Цыхун (чым гэта не дыялектныя крыніцы?) пацвердзілі, што жыхары гораду і навакольных вёсак карысталіся найменнем Горадна. Гэта значыць назоў заставаўся жывым з часоў Вялікага Княства Літоўскага да 30-х гг. XX ст.

Што да слова Горадня, то фіксацыя яго ў друку дазваляе прасачыць момант узнікнення і гісторыю функцыянавання слова. На жаль, прыхільнікі назову да такой ступені самаўпэўненыя, што нават не парупіліся хоць трошкі вывучыць гісторыю пытання і прыйсці падрыхтаванымі да сваіх апанентаў. Амаль усе факты, якія ў іх фігуруюць, не дадаюць нічога новага да майго даўнейшага артыкулу (Свой лад, 2003, № 6, с. 10–11), які Уладзімір Хільмановіч пазней падаў у сеціве:[Тут]http://harodniaspring.org/be/news/8035На сённяшні дзень артыкул вымагае істотных удакладненняў. Найважнейшы факт, не ўлічаны ў ім, мусіў бы асабліва зацікавіць аматараў Горадні. Бацькам іх улюбёнага назову павінен лічыцца не Ян Станкевіч, а Вацлаў Ластоўскі, які ў 1915 г. у газеце “Наша Ніва” (№ 10–20, 22 траўня) змясціў артыкул “Нашы гарады: 1. Горадня” (падпісаны крыптанімам Ю. В. – Юрка Верашчака), дзе паставіў з дзясятак націскаў над літарай “о” ў першым складзе, каб усе запомнілі менавіта такую форму, а не якую іншую. Хоць звычайна над “о” націск не ставіцца. Тое, што ўсімі намі любімы пан Вацлаў любіў зрабіць словам “маленькую аперацыю”, а потым выдаваць іх за арыгінальныя, усім вядома. Трэба разумець, гэта была пара нацыянальнага рамантызму. Літоўскі Vilnius узнік падобным спосабам, і бацька яго таксама вядомы, даўней жа літоўцы з навакольных вёсак гаварылі Vilnia.


Наконт таго, што да 1915 г. ніякай Горадні нідзе не фігуравала ёсць нямала ўскосных сведчанняў. Ні “Наша Доля”, ні “Наша Ніва” ані разу не парупіліся ўжыць паўнагалосную форму (Горадна, Гародня ці Горадня). Карэспандэнцыі ад жыхароў самога гораду, а не ваколіц адносна позна сталі з’яўляцца на старонках “Нашай Нівы”, толькі з 1910 г., рэгулярна пісаў Павел Аляксюк. Аднак і тады заставалася Гродна, у лепшым разе –Гродня.

Цікавы факт, у 1909 г. тэкст Каруся Каганца, дзе было слова Горадна рэдактары “Нашай Нівы” паправілі так, што “чарнаруская зямля” стала “беларускай”, а Горадна ператварылася ў Гродну:

Гей хлопцы, браття моі! А сыны землі чорноруской, котора разкінута од Днепра і Березіны рекі аж по Буг і место Городно, і од Піншчіны та Мозыршчіны аж па другій бок Немона перекінулась…
К. Каганец, «Предмова» (аўтарскі рукапіс)

Гэй, хлопцы, брацьця мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок рэкі Дзьвіны перэкінулася.
К. Каганец. «Прамова» (НН, 1909, № 51−52)

Навошта ж Ю. В. (Ластоўскі) зрабіў “аперацыю” і Горадна ператварыў у Горадню? А ён гэтага, мабыць, і не заўважыў. Маючы перад сабою аналогію: рускае Вільно і беларускую Вільню, палічыў такую змену само сабою зразумелаю, але не ўлічыў, што тут просты механічны перанос недарэчы, бо можа быць і альтэрнатыўная форма Гародня, прытым больш удалая згодна з законамі беларускага словаўтварэння, дзе nomina loci (імёны месца) з суфіксам -н-я зазвычай маюць націск на перадапошнім складзе: Вільня, Ельня, Наваельня, Дуброўня, Паташня, Рудня, Баброўня, Паперня. Крыху раней, у 1911 г., гэтую версію спраўдзіў Максім Багдановіч:

І жалобна, сумна трубы 
У Гародні граюць.

Вінцук Вячорка, каб хоць неяк злегкаважыць Багдановічаву версію, заявіў, быццам нам невядома, пра якую Гародню тут гаворыцца, мо пра Чарнігаўскую. Гэта месца ў “Слове пра паход Ігараў”, дзе нібыта ўспамінаецца беларускі горад, даўно стала культавым. Вячорка і ім гатовы ахвяраваць на карысць украінцаў, абы толькі дабіцца свайго. Не будзем спрачацца пра “Слова…”, усё можа быць, а от што да Багдановіча, то мы ведаем, які горад ён меў наўвеце, бо да слова Гародня даў зноску: “Месца, дзе княжыў Ізяслаў”. Калі нават зноска належыць не аўтару, а тагачаснаму рэдактару, то гэта ўсё роўна сведчыць, якую Гародню бачылі ў вершы сучаснікі Багдановіча. На жаль, ні адзін збор твораў паэта (апрача “Твораў” з “Залатой калекцыі беларускай літаратуры”) не перадрукоўваў зноскі.

Што да Яна Станкевіча, то ён, як высветлілася, не першы ўвёў найменне Горадня, а толькі падтрымаў ідэю Ластоўскага ў 1918 г. у газеце “Гоман”:

Чужынцы (палякі і расейцы) перакручаваюць назовы нашых мест на свой лад, зацямняючы гэтым значэньне самага слова, дык і чуваць нярэдка гэткія дзіўныя з вуснаў беларуса словы, як: Гродна, замест Горадня, як гэта старое беларускае места звалося з XIII веку і як цяпер завуць яго жыхары Горадненскага, Сакольскага і Беластоцкага паветаў.

Аднак у 1955 г. адрокся ад сваёй юнацкай зацемкі (хутчэй за ўсё, зусім пра яе забыўся) і ў артыкуле “Аб некаторых словах і хормах нашае мовы” практычна выступіў праціўнікам наймення Горадня:

Старое й слаўнае беларускае места ля Нёмна, каторае цяпер у нашым друку чамусьці часта завуць „Горадня“, запраўды завецца „Горадзен“ (цьвярдое „н“ на канцу), прыметнік Горадзенскі. Гэтак яно звалася даўней, і гэтак яго завуць цяпер у ягоных аколіцах. Таксама паэта Макар Краўцоў (Косьцевіч), паходзячы ізь Ськідля (Ськідзель) ля Горадна пісаў у сваім вершу: „Наш слаўны Горадзен стары...“ (Станкевіч, Я. “Язык і языкаведа”, 2007, с. 736). Уся страфа гучыць так:

Ізноў я тут, цябе вітаю,
Мой родны Горадзен стары,
Ізноў па вуліцах лятаю
Да самай позьняе пары...

Выступ Вячоркі на радыё, нягледзячы на спакойны і ўзважаны тон, кампетэнтную аргументацыю шмат у чым тэндэнцыйны. Ён вельмі лёгка прамінае нязручныя для сябе мясціны. Прыкладам, пра ўлюбёную Горадню заўважае: “Выдумка не прыжылася б”. Яшчэ як прыжылася! Гісторыя слоў сведчыць, што тыя з іх, на якія пастаўленае кляйно “правільнасці”, “нашасці” ў сітуацыі вайны з “мовай агрэсарам”, ды яшчэ ў вузкім коле аднадумцаў засвойваюцца імгненна. Тут нават і аўтарства слова вялікай ролі не адыгрывае, абы аўтар быў “свой”. Мабыць, да Ластоўскага назва горада проста была неадрэфлексаваная як належыць.

А калі выдумкі не прыжываюцца, то як магло прыжыцца “выдуманае”, як уважае Вячорка, Гародня ды яшчэ ў самой Гародні? Нешта тут у Вячоркі канцы з канцамі не сходзяцца.

Мовазнавец і вядоўца не саромеюцца нават “забароненых” рытарычных прыёмаў і адразу ж апелююць да народнай этымалогіі, каб толькі прынізіць Гародню і прывязаць да гароду, а не гораду. Але калі рыторыка не ў згодзе з лінгвістыкай, то трэба выбіраць нешта адно.

Не абышлося ў Вячоркі і без абмылаў. Перш чым аспрэчваць маё сцверджанне наконт суфікса -н-я, мовазнавец мусіў бы паглядзець у слоўнік і даведацца, што ў слове варыўня націск падае не на першы, а на апошні склад. Так ёсць у “Беларуска-рускім слоўніку” пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы і так у “Беларуска-расійскім слоўніку” Яна Станкевіча. Некаторыя крытычныя заўвагі сапраўды слушныя, але гэта не значыць, што беларускія словы з -н-я, і перадусім nomina loci, не падпарадкуюцца апісанаму мной закону. Той жа Ян Станкевіч нагадваў некалі правіла новаграматыкаў: у мове няма выняткаў, а калі яны ёсць, значыць падпарадкоўваюцца іншаму закону. Прыкладам, Вячорка заўважае, што ў слове вываратня націск і не на апошнім, і не на перадапошнім складзе. Ну, па-першае, гэта не nomina loci, вывыратня, як і забарсня (прыклад пададзены яшчэ адным маім крытыкам, які не адрознівае суфікс -ін-я, ад -н-я) – гэта жаночая версія назоўнікаў мужчынскага роду выварацень і забарсень (больш пашыраных, чым варыянты жаночага роду), па-другое, у першым з іх ёсць прыстаўка вы-, якая амаль заўжды перацягвае націск на сябе. У слове ж Гародня не назіраецца падобных чыннікаў для вынятку з правіла.

Прыхільнікі Горадні не прызнаюць законаў словаўварэння толькі тады, калі крытыкуецца іх варыянт, але вымагаюць тэорыі ад апанентаў. Так Сяргей Шупа ў сваёй публікацыі запатрабаваў “вытлумачыць” прыметнік гарадзенскі, бо ад Гародні ў яго чыста тэарэтычна выводзіцца толькі гародзенскі. Мушу прызнаць, пытанне слушнае, але чаму прыметнік павінны вытлумачваць Пацюпа ці Хільмановіч, каб апраўдацца за Гародню, калі ён узнік без іх помачы? З такім жа поспехам, гэта маглі б зрабіць Шупа ці Вячорка, калі б не былі занятыя прафанацыяй Гародні. Прыметнік гарадзенскі сустракаецца яшчэ ў падзагалоўку верша Зінаіды Бандарыны (ураджэнкі горада над Нёманам): З жыцьця сялян Гарадзеншчыны на Сібіры. Але не толькі гарадзенскі

Не ведаю, каго больш узрадую, Шупу ці Хільмановіча, тым фактам, што ў той жа Бандарыны ў “Савецкай Беларусі” ў 1926 г. быў верш “Песня гародзенскіх гоняў” (Цытую з даведніка “Беларускія пісьменнікі”, трэба спраўдзіць у бібліятэцы.) Зноў гараднянка, і зноў Гародня, хоць праз прыметнік!

Калі так, то ўзнікаюць дзве высновы: 1) слова Гародня жыхары места (Багдановіч, Бандарына), ужывалі задоўга да Караткевіча і Ткачова; 2) прыметнік гарадзенскі развіўся стыхійна, а на нейкім этапе быў варыянт гародзенскі. Калі гэта народнае слоўца і яно ні ў чым не парушае законаў словаўтварэння, то якія могуць быць пытанні?

Крытыкі варыянту Гародня ніяк не паставіліся і да іншай версіі – Гродня. Чаму ў той жа Бандарыны ў вершы з падзагалоўкам З жыцьця сялян Гарадзеншчыны на Сібіры напісана:

Там любая Гродня
і Нёман, і бор...
Там чорныя хмары
ахуталі ранак...

Чаму Ян Скрыган наказваў ужываць варыянт Гродня, ад каго ён яго пачуў? Ён пісаў:

Старажытны горад Гродня, напрыклад, у народзе скрозь скланяўся, скланяецца і цяпер, гэтак жа як і Вільня: я быў у Гродні, паеду ў Гродню, лясы пад Гродняю, – дык цяпер ён запісан Гродна і не мае права скланяцца, як чужаземнае слова.

Цяпер ужо відавочна, што праблема наймення горада над Нёманам не простая, яе трэба пільна вывучаць і развязваць у комплексе, ува ўзаемадзеянні ўсіх варыянтаў, усіх чыннікаў: і гістарычных, і лінгвістычных, і эстэтычных, а не махаць рукамі і абзываць апанентаў дылетантамі, як гэта робяць залішне самаўпэўненыя каментатары. Разумею, шмат хто зведаў культурны шок ад таго, што варыянт Горадня не такі відавочны, як здавалася, і што не прымаюць яго перадусім жыхары Гародні. Думаць ёсць над чым, і лепш, вядома, думаць разам.

Comments

( 2 comments — Leave a comment )
urfinwe
Oct. 25th, 2017 07:12 pm (UTC)
З вяртаннем у ЖЖ!
paciupa
Oct. 25th, 2017 07:47 pm (UTC)
Дзякуй!
( 2 comments — Leave a comment )